У Гомелі з 19 лютага працуе крама «ЕДИН», якая знаходзіцца фактычна за сцяной жаночай папраўчай калоніі №4. У асартыменце — пасцельная бялізна, спецадзенне, рэчы для рыбаловаў і паляўнічых, абутак і іншая швейная прадукцыя. Усё гэта, як адзначаецца, вырабляецца жанчынамі, што адбываюць пакаранне.
Чытайце таксама: «З пустымі рукамі»: у жаночай калоніі ў Гомелі жанчынам забаранілі браць нават пракладкі
Пра новую гандлёвую кропку распавёў у TikTok акаўнт «хіжына рыбака». Аўтар роліка з захапленнем паказаў тавары і падкрэсліў, што «ўсё, што прадаецца ў гэтым магазіне, вырабляецца нашымі грамадзянамі, якія часова знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі». Ён звярнуў увагу на шырокі выбар і арыгінальнасць некаторых рэчаў.
@hizhina_rybaka #хижинарыбака #рыбалка #Гомель ♬ Classical Cello Solo (Acoustic) — Rafael Krux
Аднак за кадрам засталіся важныя нюансы. ПК-4 у Гомелі раней называлі адной з калоній, дзе ўтрымлівалася значная колькасць палітычных зняволеных жанчын. Праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што праца ў такіх установах часта мае прымусовы характар, а аплата за яе — мізэрная. Менавіта на гэта звярнулі ўвагу каментатары пад відэа.
«А што за гэта атрымліваюць зняволеныя? За працу — усяго 32 капейкі ў дзень», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Іншыя ўзгадвалі пра «кепскую энергетыку» такіх пакупак і пісалі: «Спачатку носіш, потым трапіш за краты». Іншая частка каментараў зацікавілася больш практычнымі рэчамі — коштамі і графікам працы.

Што вядома пра ўмовы ў ПК-4
Група праваабаронцаў і журналістаў з Mayday.team раней паведамлялі і пра іншыя праблемы ў ПК-4. У прыватнасці, адміністрацыя калоніі забараніла выкарыстанне віртуальных сэрвісных тэлефонных карт «Белтэлекама», якія афармлялі сваякі зняволеных. Патлумачылі гэта тым, што карты не імянныя. Пры гэтым звычайныя карты сувязі ўжо не выпускаюцца, бо «Белтэлекам» з 2022 года паступова ліквідуе паслугу таксафонаў як незапатрабаваную.
Нягледзячы на тое, што ў лютым 2024 года ў калонію праклалі оптавалакновы кабель, зняволеныя дагэтуль карыстаюцца старымі кнопкавымі таксафонамі. Замена іх на сучасную камп’ютарную тэхніку не адбылася. У выніку магчымасці падтрымліваць сувязь з роднымі застаюцца абмежаванымі.
Паказальныя і іншыя абмежаванні: у кастрычніку 2025 года праваабронцы казалі, што асуджаным жанчынам у гомельскай калоніі №4 нельга прыносіць на працяглыя спатканні ні бялізну, ні ручнікі, ні іншыя сродкі гігіены. Сваякі палітзняволеных мусяць прывозіць нават халаты і сланцы для душа, бо душавыя і прыбіральні знаходзяцца не ў тым жа будынку, што і пакоі для спатканняў. Калі родныя нешта з гэтых рэчаў не возьмуць з сабой у турму, жанчынам даводзіцца хадзіць босымі.
Сітуацыя паказала, што за вітрынай з акуратна складзенымі таварамі стаяць складаная рэальнасць умоў утрымання, пытанні прымусовай працы і абмежаваных правоў жанчын у папраўчай установе.
Чытайце таксама: У гомельскай жаночай ПК-4 скарачаюць колькасць званкоў: у калоніях фактычна знікае тэлефонная сувязь
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: